«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

газета, неафіцыйны орган т.зв. арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», створанай рэдактарам газеты Я.Міткевічам. Выдавалася з 22.4 да 2.8.1922 у Гродне на бел. мове. Выходзіла неперыядычна. Арыентавалася на чытачоў-сялян. Праводзіла лінію згодніцтва з уладамі Польшчы, агітавала за супрацоўніцтва з тагачасным паліт. рэжымам. Выступала з нападкамі на «беларускіх дзеячаў», увогуле інтэлігенцыю, якая, на думку рэдакцыі, імкнецца да ўлады, страціла сувязь з вёскай. Выказвалася за адкрыццё бел. прыватных школ, чытальняў, курсаў бел. мовы для дарослых і інш. Інфармавала пра падзеі ў Зах. Беларусі і за мяжой. Існавала за кошт ахвяраванняў. Перастала выходзіць з-за недахопу сродкаў.

А.М.Пяткевіч.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)